«ПАЎДНЁВАРУ́СКІ РАБО́ЧЫ САЮ́З»,
рэвалюцыйная рабочая арг-цыя народніцкага кірунку ў Кіеве ў 1880—81. Засн. вясной 1880 членамі партыі «Чорны перадзел» Л.М.Кавальскай і М.П.Шчадрыным. Праграма «Саюза» прадугледжвала звяржэнне самадзяржаўя, перадачу сродкаў вытв-сці ва ўласнасць народа, устанаўленне дэмакр. свабод; у якасці асн. тактыкі прапаноўвала «фабрычны тэрор» (псаванне машын, падпалы прадпрыемстваў, збіванне і забойства майстроў і фабрыкантаў). «Саюз» меў уласную друкарню, дзе друкаваў рэв. пракламацыі, распрапагандаваў каля 1000 рабочых. На працягу зімы і вясны 1881 «П.р.с.» разгромлены паліцыяй, кіраўнікі асуджаны на розныя тэрміны катаргі і ссылкі.
т. 12, с. 193
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)